Голас птушкі з Брэсцкай крэпасці. Верш Май Ван Фана. Пераклад Настассі Нарэйкі
Май Ван Фан
Пераклад Настассі Нарэйкі

Паэтэса Настасся Нарэйка
Голас
птушкі з Брэсцкай крэпасці
Спевамі птушка будзіць світанне,
Праз кулі сляды лье цагельны жар.
Неба, як Буг ціхмяны, раскрылася,
Дым пажараў былых у бязмежжы растаў.
Прыпадаю абліччам да чырвонай старой сцяны,
Чую, як час ледзьве кранаецца сэрца.
На цэгле – адбітак далоні чырвонаармейца,
Яго цеплыня не астыла, хоць 85 гадоў.
Маленькая птушка нясе травінку з гнязда
Туды, дзе калісь бушаваў злы агонь вайны.
Травінка любая злучае зямлю са світаннем,
Ціха і неўпрыкмет расцвітае жыццё.
Кулявыя прабоіны сталі маленькімі вокнамі,
Сонечная цеплыня кладзецца на плечы мне.
Я вочы заплюшчу – і неба з зямлёй бачу
Нібыта зноў ахапіла іх тая вайна.
Камень каземата, на ім высякала рука
Словы, што ўеліся ў сцены, нібыта кроў.
Гэта пасланне сцірае паволі час,
Але словы, два, "Не здаюся", – яны
навечна.
Грукат вайны сышоў у глыбіні зямлі,
Птушка лёгка ляціць цераз вокны міру.
Буг прыносіць світанне ў крэпасць над ім,
Нанова жыццё прарастае з прабоін ад куль.
Паэтэса Нарэйка Анастасія
Нарэйка Анастасія нарадзілася 28 кастрычнiка 1986 года ў горадзе Маладзечна. Скончыла Маладзечанскую беларускую гімназію, дзе выкладанне вялося выключна на роднай мове. Менавіта гэта, ды яшчэ кнігі, без якіх не ўяўляла свайго жыцця, абумовілі імкненне да творчасці. Свой першы верш напісала ў 10 гадоў, і называўся ён «Мая Беларусь». У 2009-м скончыла Інстытут журналістыкі БДУ па спецыяльнасці «Літаратурная работа. Журналістыка», па размеркаванні трапіла ў рэдакцыю Камянецкай раённай газеты «Навіны Камянеччыны», дзе і працуе цяпер адказным сакратаром. Друкавалася ў «Маладзечанскай газеце», «Раніцы», «Бярозцы», «Вясёлцы», «Першацвеце», «Навінах Камянеччыны», «Заре», «Літаратуры і мастацтве», «Маладосці» і «Полымі». Творы аўтаркі ўвайшлі ў чатыры калектыўныя зборнікі: «Сила слабости» (жаночая паэзія Брэстчыны), «ЛітАўра» (творы паэтаў і пісьменнікаў Брэстчыны), «Кахаць і верыць» (апавяданні маладых пісьменнікаў Беларусі) і «Скажы, што кахаю». Напрыканцы 2013 года пабачыла свет першая кніга вершаў «Магдэбургскае права маёй душы». У 2017 годзе за гэту кнігу Анастасія ўзнагароджана прэміяй аблвыканкама імя Уладзіміра Калесніка.
